Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Навагрудскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэгiёна

19 мая 2021

Дзесяць беларускіх каманд пазмагаюцца за перамогу ў фінале бізнес-гульні "Пачынаючы фермер"

Беларускія маладзёжныя каманды пазмагаюцца за перамогу ў фінале міжнароднай інтэлектуальнай бізнес-гульні "Пачынаючы фермер", якая адбудзецца 19-20 мая ў падмаскоўных Мыцішчах. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, каардынатар праекта Юлія Зінкевіч.

"Беларусь упершыню прымае ўдзел у гэтым міжнародным праекце. Гэта стала магчымым дзякуючы партнёрству Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з Расійскім саюзам сельскай моладзі. У нашай краіне гульня аб'яднала школьнікаў, якія пражываюць у вёсцы, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі сельгаспрофілю, маладых спецыялістаў аграрнага сектара, а таксама прадпрымальнікаў у сферы аграпрамысловага комплексу. Прыемна адзначыць, што сярод 34 фіналістаў гульні з Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Германіі ёсць 10 беларускіх маладзёжных аўтарскіх калектываў, якія сталі пераможцамі нацыянальнага і завочнага міжнароднага тураў праекта", - расказала Юлія Зінкевіч.

За першынство ў міжнародным фінале пазмагаюцца аўтарскія калектывы гімназіі нумар 8 імя Казлова Жлобіна (праект "Домік у вёсцы"), гімназіі Клецка (праект "Творчая майстэрня"), Першамайскай сярэдняй школы Гродзенскай вобласці (праект "Чес&nok"), сярэдняй школы вёскі Вістычы Брэсцкага раёна (праект Herbal Line). У фінале таксама прымуць удзел калектывы Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя (праект "Буякі - ягада, якая падаўжае жыццё"), Мар'інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя Лабанка (праект "Фермерская гаспадарка па вырошчванні агародніны"), Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта (праект "Сельгаспрадукцыя оптам"), Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта (праект "Green Quest - забаўляльна-пазнавальная паслуга"), ААТ "Гомельпрамбуд" (праект "Сады Семіраміды"), прадстаўнік клуба маладых інвалідаў "Самі", створанага ў Мікашэвічах пры філіяле Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Мікалай Мозаль (праект "Пчалярства").

Беларуская маладзёжная дэлегацыя сёння адправілася ў Маскву. "19 мая дзень абароны. Выступленне кожнай каманды ўключае прэзентацыю праекта: прывітанне і дэманстрацыю рэкламнага плаката, а таксама адказы на пытанні экспертаў. У агульнай колькасці на ўсё адводзіцца не больш за 10 хвілін. Урачыстая цырымонія ўшаноўвання пераможцаў адбудзецца 20 мая на міжнародным маладзёжным аграбізнес-форуме", - дадала Юлія Зінкевіч.

Напярэдадні ў Рэспубліканскім доме моладзі адбылася сустрэча з аўтарамі праектаў, на якой маладыя людзі падзякавалі за прадастаўленую магчымасць быць сярод аднадумцаў, якія накіраваны на стваральную працу і ўпэўнена ідуць да дасягнення пастаўленай перад сабой задачы.

Фіналістам бізнес-гульні далі наказ другі сакратар ЦК БРСМ, кіраўнік беларускай дэлегацыі Аляксандр Прохараў, а таксама намеснік старшыні Асацыяцыі інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, міжнародны эксперт бізнес-гульні "Пачынаючы фермер" ад Беларусі Рыма Епур.

"Безумоўна, вы ўсе пачынаючыя фермеры, - звярнуўся Аляксандр Прохараў да моладзі. - І вам аказаны вялікі гонар прадстаўляць на найбуйнейшым міжнародным форуме ўсю нашу краіну. Не проста ўдзельнічаць, а гучна пра сябе заявіць, так прадставіць свае ідэі міжнароднаму журы, якое ўжо бачыла шмат праектаў, каб вам паверылі і зацікавіліся вашымі распрацоўкамі. У вас за плячамі выдатная падрыхтоўка - трэнінгі і вебінары. Я ўпэўнены, што ў нас з вамі ўсё атрымаецца".

Рыма Епур падзякавала фіналістам за працу і адзначыла, што ў іх праектах ёсць шмат інавацыйных знаходак. "Вы малайцы, што стварылі праекты і дабіліся пэўных вышынь. Безумоўна, кожны з вас заслугоўвае поспеху. Ваша галоўная задача - расставіць і абазначыць прыярытэты, уключыць харызму і данесці да экспертаў правільны энергетычны пасыл, каб вас запомнілі на абароне праектаў", - падкрэсліла эксперт.

Галоўная задача міжнароднай інтэлектуальнай бізнес-гульні "Пачынаючы фермер" - выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі, уключэнне яе ў распрацоўку і рэалізацыю бізнес-праектаў, накіраваных на стварэнне і развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці.

У Беларусі арганізатарам гульні выступіў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Арганізатар міжнароднага фіналу - Расійскі саюз сельскай моладзі.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI