Главная / Новости / Новости Новогрудчины
04.11.2021

Працоўнае, актыўнае лета – 2021. У Навагрудку адбылося закрыццё працоўнага сезона

Студатрадаўскі рух сёння – гэта не проста школа жыцця, ён дае магчымасці кожнаму маладому чалавеку праявіць сябе і рэалізавацца ў любой сферы дзейнасці. На працягу многіх гадоў маладзёжныя атрады ўносяць каштоўны ўклад у будаўніцтва, рэканструкцыю і добраўпарадкаванне аб'ектаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае закрыццю трэцяга працоўнага семестра студэнцкіх атрадаў, якія ажыццяўлялі сваю дзейнасць на тэрыторыі Навагрудскага раёна, адбылося ў сераду на базе Навагрудскага сельскагаспадарчага ліцэя і стала вынікам усёй маштабнай работы, якая тычыцца працаўладкавання моладзі ў складзе студэнцкіх атрадаў.
Сёння беларуская моладзь працягвае слаўныя традыцыі старэйшых пакаленняў. Вялікая роля ў гэтым працэсе належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі. Навагрудская раённая арганізацыя ГА «БРСМ» праводзіць актыўную работу па працаўладкаванні моладзі ў вольны ад вучобы час.У рамках арганізацыі другаснай занятасці моладзі сёлета ў нашым раёне былі працаўладкаваны 350 чалавек. Студэнцкія атрады былі створаны на базе прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў горада і раёна. Профіль атрадаў разнастайны: будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, сэрвісныя атрады.
– Я віншую ўсіх з паспяховым завяршэннем чарговага працоўнага семестра. Вы пазнаёміліся, весела і з карысцю правялі час. Вопыт, які вы набываеце калі працуеце ў студатрадах, неацэнны, – звярнулася да моладзі першы сакратар Навагрудскай РА ГА «БРСМ» Вольга Шнігір. – Педагагічныя атрады былі створаны на базе раённага аздараўленчага лагера «Свіцязь». Тут працавала з дзецьмі ў перыяд летніх канікул 43 чалавекі. У сэрвісных студэнцкіх атрадах, якія былі арганізаваны на базе Адампальскага спартыўна-аздараўленчага лагера «Алімпіец», лагера «Свіцязь» і Навагрудскага лясгаса працавала 80 чалавек. Большасць жа атрадаў мелі  сельскагаспадарчы профіль. Моладзь працавала ў студатрадах, якія арганізаваны на базе Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Аддалі перавагу працы ў сельскагаспадарчых атрадах 227 юнакоў і дзяўчат. Моладзь нашага раёна і ў далейшым будзе мець магчымасць працаўладкавацца, а гэта значыць набыць новыя навыкі, вопыт і разам з тым добра зарабіць.
Трэці працоўны семестр быў насычаны. Юнакі і дзяўчаты не толькі працавалі ў студэнцкіх атрадах, але і з карысцю праводзілі свой вольны час. Для іх былі арганізаваны і праведзены шматлікія цікавыя мерапрыемствы і конкурсы.
У гэты ўрачысты дзень былі ўзнагароджаны і прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якія змаглі забяспечыць працай моладзь.
Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў студэнцкіх атрадах падзяліліся навучэнцы ліцэя Вольга Жукоўская, Паліна Пікта і Павел Васілевіч.
– Нам здаецца, што правесці канікулы і не заняцца карыснай справай – сумна і і нецікава. Падчас працы ў сэрвісных і сельскагаспадарчых студатрадах мы набылі новых сяброў, атрымалі яркія эмоцыі і зарадзіліся добрым настроем. А яшчэ прыемны бонус у тым, што можна зарабіць – быць самастойным і мець сродкі на кішэнныя выдаткі хочацца кожнаму маладому чалавеку. Удзел у руху развівае лідарскія якасці, упартасць, дзесьці нават вытрымку. Будзем рады, калі на наступны год будзе магчымасць працаўладкавацца ў студатрад.
Вольга ПІСАР, «НЖ».